Пра нас

Ranitsa.by ЗАЎСЁДЫ online!

 

Па адрасе www.ranitsa.by з кастрычніка 2009 года “прапісалася” газета “Раніца — адзінае беларускамоўнае выданне для падлеткаў Беларусі. Уласны сайт стаў выдатным падарункам да 80-годдзя газеты, якая выдаецца з 1929 года (да 1993 года выходзіла пад назвай “Піянер Беларусі”). Дзякуючы сайту нашы чытачы ва ўзросце ад 12 да 17 год цяпер могуць быць у курсе ўсіх апошніх падзей не толькі па чацвяргах (калі газета выходзіць у друк), але і ў любы дзень тыдня 24 гадзіны ў суткі!

 

Нам важна ТВАЁ меркаванне!

Мець уласны сайт у інтэрнэце для “Раніцы” не проста даніна модзе. Гэта прэстыж, пашырэнне аўдыторыі, магчымасць заўсёды быць на сувязі са сваімі чытачамі. На нашым сайце вы можаце прачытаць самыя цікавыя публікацыі з газеты, даць свой адказ на пытанне нумара, пакінуць каментарый пасля кожнага матэрыялу, паўдзельнічаць у інтэрактыўным галасаванні, выказаць свае пажаданні рэдакцыі і шмат чаго іншага. На сайце адсутнічае папярэдняя мадэрацыя, таму пакінутыя вамі каментарыі публікуюцца ў інтэрнэце адразу ж.

Гартаючы старонкі…

У “Раніцы”  каля 50 самых разнастайных рубрык. Калі вы любіце вучыцца і загадзя плануеце сваю будучыню, то для вас нашы старонкі “Пяцідзёнка”, “Прафарыентацыя” і “Абітурыент”. Захапляецеся спортам? Чытайце “Асілак” і “Экстрым”. Навіны пра любімых артыстаў шукайце на старонках “Арт-праспект” і “За кулісамі”. Кінематаграфічныя і тэатральныя навінкі абмяркоўваем на старонках “Cinema” і “Мельпамена”. Кулінарнымі сакрэтамі дзеліцца рубрыка “Ням-ням”, а “Ранішні доктар” дае карысныя парады наконт здароўя. Рубрыкі “Асоба” і “Наш гонар” – месца для таленавітай моладзі, а  “Маладзёжная хваля” і “Тусоўка” сочаць за сучаснымі маладзёжнымі плынямі і захапленнямі. Рубрыка “Клёвы фасад” дапаможа зарыентавацца ў свеце прыгажосці, а “Тэт-а-тэт” не дасць разгубіцца ў складаных жыццёвых сітуацыях. Гэта далёка не поўны пералік нашых рубрык, у якіх абмяркоўваюцца самыя розныя пытанні, што хвалююць падрастаючае пакаленне. Некаторыя з іх, такія як “Слова чытачу”, “Крэатыў”, “Рэха кахання” і паэтычная старонка “Валошкі”, поўнасцю належаць чытачам.

На старонках “Раніцы” нашы чытачы ўпэўніваюцца ў тым, што і на роднай  беларускай мове можна гаварыць проста і даступна пра самыя розныя рэчы.

Стань аўтарам “РАНІЦЫ”!

Штогод пазаштатныя аўтары “Раніцы” папаўняюць рады студэнтаў Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, а потым і супрацоўнікаў рэдакцыі.  Ты таксама марыш стаць журналістам? Пішаш вершы альбо цікавыя заметкі на розныя тэмы? Маеш свой погляд на розныя з’явы? Хочаш мець уласную рубрыку? Гэта твой шанс! Твае пісьмы з прапановамі мы чакаем па адрасе: 220033, г. Мінск, 1-шы Веласіпедны завулак, 8 (ці па электронным адрасе info@ranitsa.by). Ні адзін ліст з нашай паштовай скрынкі не застаецца без увагі. Пішы!

“Раніца” прыедзе ў ГОСЦІ!

 

Калі вы любіце хадзіць у школу, вашы лепшыя сябры — вашы аднакласнікі, а школьнае жыццё — вясёлае, яскравае і не такое, як ва ўсіх, то вам усім разам месца ў нашай спецыяльнай рубрыцы School Life. На працягу года “School Life” збірае вашы фотаўражанні ад школьнага жыцця і прапануе ўвазе чытачоў газеты. Тэлефануйце да нас у рэдакцыю па нумары 8 (017) 211-10-20 і запрашайце “Раніцу” ў сумеснае фатаграфічнае падарожжа па школьных калідорах. Мы з задавальненнем раскажам пра яскравыя падзеі і святочныя мерапрыемствы, якія адбываюцца ў вашай школе або класе. Пра вас даведаецца ўся краіна! Не ўцякайце ад славы!

А зараз інфармацыя для тых, хто ўмее праводзіць канікулы з размахам і лічыць, што самы вясёлы адпачынак — у лагеры. Кожнае лета ў “Раніцы” стартуе спецыяльны праект “Фоталета”, які збірае вашы фотаўражанні ад адпачынку. Хто і што можа трапіць у аб’ектыў камеры? Вядома, галоўныя персоны — вы і вашы сябры. Па-за ўвагай не застануцца цікавыя мерапрыемствы ў лагеры, паходы, конкурсы і фестывалі, ранішняя зарадка і дзяжурства ў сталоўцы, дыскатэкі, прыгоды з зубной пастай і шмат іншага. Таму калі вы збіраецеся на канікулах у лагер, то запішыце нумар тэлефона 8 (017) 211-10-20. Калі прыедзеце ў летнік і даведаецеся, што ў вас будзе праходзіць цікавае мерапрыемства — тэлефануйце ў рэдакцыю. Мы прыедзем, зробім рэпартаж — і вам будзе памяць на ўсё жыццё!

Марыце трапіць на вокладку? ЛЁГКА!

Хто з нас не марыць трапіць на вокладку любімага выдання? “Раніца” здзяйсняе мары! На першай паласе нашай газеты можа апынуцца кожны! Датычыцца гэта не толькі дзяўчынак, але і хлопцаў. Для таго каб ажыццявіць сваю дзіцячую мару, вам неабходна ўсяго толькі адказаць на пытанне “Чаму менавіта ты варты таго, каб трапіць на вокладку “Раніцы”?” і адправіць свой адказ у рэдакцыю з любым сваім фотаздымкам на адрас: 220033, г. Мінск, 1-шы Веласіпедны завулак, 8, з паметкай “Хачу на вокладку”.

Калі адказ будзе цікавым, крэатыўным і пераканаўчым, то наш фотакарэспандэнт звяжацца з вамі, арганізуе фотасесію, а лепшы здымак з’явіцца на першай старонцы аднаго з нумароў “Раніцы”. Увага! Зусім няважна, дзе вы жывяце: у Мінску, Хойніках ці маленькай вёсачцы. Для нас галоўнае, каб вы былі яркай, неардынарнай асобай, якая хоча заявіць пра сябе на ўсю краіну!

Хочаш цэнтрам быць сусвету?

Ты, цінэйджар, не зявай:

Выбірай СВАЮ газету —

“РАНІЦУ” заўжды чытай!

 

“Раніцу” можна купіць у кіёсках “Белсаюздруку” ў Мінску. Але не факт, што пакуль вы дойдзеце да тых кіёскаў, яна там яшчэ будзе. Таму падпісвайцеся на “Раніцу” ў любым паштовым аддзяленні — і кожны чацвер у вашай паштовай скрынцы гарантавана будзе ляжаць свежы нумар любімай газеты.

Індэксы для падпіскі:

для індывідуальнай — 63386;
для ведамаснай — 633862.