Прыёмка-2012: памножыць на два і дадаць паўгадзіны
Навучальны год яшчэ толькі пачаўся, а ў вышэйшых колах ужо ва ўсю абмяркоўваюць новую ўступную кампанію ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Якія новаўвядзенні абмяркоўваюцца, дазнаемся разам з “Раніцай”.
Студэнты будуць вучыцца па дагаворах
Пры паступленні ў навучальныя ўстановы — ПТВ, ССНУ, ВНУ — з навучэнцамі як платнай, так і бюджэтнай форм навучання, у тым ліку на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, будуць заключаць дагавор. Такая прававая норма прадугледжана Кодэксам аб адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Дамова паміж навучэнцам і ўстановай адукацыі будзе дзейнічаць на працягу ўсяго тэрміну навучання. У ёй будзе агаворана, колькі каштуе вучоба, якую прафесію і спецыяльнасць атрымае малады чалавек, ці будзе ў яго свабоднае размеркаванне або яго накіруюць на працу. Акрамя таго, дагавор будуць заключаць з тымі, хто атрымлівае адукацыю пасля ВНУ, павышае кваліфікацыю або праходзіць перападрыхтоўку, а таксама для аказання платных паслуг у сферы адукацыі.
У дагаворы паміж выпускніком і працадаўцам будуць выразна прапісаны правы і абавязкі бакоў. Выпускнік абавязваецца адпрацаваць пэўны тэрмін па спецыяльнасці, а працадаўца — даць яму жыллё, выплачваць павышаную заработную плату на перыяд, пакуль той лічыцца маладым спецыялістам. Гэта вельмі важны аспект: калі чалавек ведае, што яго гарантавана забяспечаць усім неабходным, у яго з’яўляецца стымул добра працаваць.
…ЦТ стануць больш працяглымі
Штогод набіраецца добрая сотня абітурыентаў, якія, добрасумленна выканаўшы ўсе заданні ЦТ, не паспяваюць перанесці крыжыкі з чарнавіка на асноўны бланк. У выніку яны набіраюць значна менш балаў, чым заслугоўваюць. Сёлета просьбаў падоўжыць іспыт хаця б на дзесяць хвілін было асабліва шмат — і старшыня дзяржкамісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных выпрабаванняў Анатоль Рубінаў прапанаваў “падкінуць” абітурыентам лішнія паўгадзіны. Гэтая магчымасць зараз сур’ёзна абмяркоўваецца ў Міністэрстве адукацыі нашай краіны.
…а іспыты па творчасці стануць запісваць на відэа!
Будучых студэнтаў чакае яшчэ адна навіна: плануецца, што з гэтага года ўсе экзамены па творчых прадметах стануць запісваць на відэа.
— Здараюцца выпадкі, калі паступаючыя ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў ці Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў не задаволены тым, як камісія ацаніла іх творчыя нумары. Тады абітурыенты падаюць апеляцыю, — распавядае Анатоль Рубінаў. — А як пераглядаць такія іспыты? Па памяці іх не адрозніш, а калі школьнік праспявае ці станцуе ў другі раз — гэта будзе ўжо зусім іншы нумар.
У гэтым годзе ў дзвюх ВНУ творчага профілю правялі свой эксперымент: пры залічэнні ў першую чаргу ацэньвалі творчыя здольнасці абітурыента, і толькі потым разглядалі балы па агульнаадукацыйных прадметах.
— Мы плануем перанесці гэтае ноу-хау і ў іншыя ВНУ, каб, скажам, на матэматычную спецыяльнасць паступаў той, хто добра ведае профільны прадмет, а не той, хто больш пісьменна расстаўляе коскі, — адзначыў Анатоль Мікалаевіч. — Для гэтага мы прапаноўваем памнажаць колькасць балаў па профільным прадмеце на два, каб яны мелі большую вагу.
Алёна КРЫВЯНКОВА.








Пакінуць каментарый